Дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова «Астравецкі лясгас» была арганізавана 7 ліпеня 1966 года ў адпаведнасці з загадам №38 Галоўнага ўпраўлення лясной гаспадаркі пры Савеце Міністраў БССР на базе 4-х лясніцтваў Смаргонскага лясгаса (Кемелішскага, Варнянскага, Міхалішскага і Астравецкага) і прынятых у склад ляснога фонду калгасных і саўгасных лясоў.

На падставе загаду №5 Мінлясгаса БССР ад 15 студзеня 1968 года на базе Астравецкага, Варнянскага і Міхалішскага лясніцтваў было створана Гервяцкае лясніцтва, a 18 мая 1970 года – Падольскае і Дрэвянікскае лясніцтвы.

У верасні 1973 года ў адпаведнасці з загадам №48 Упраўлення лясной гаспадаркі Гродзенскага аблвыканкама ад 18 верасня 1973 года Варнянскае лясніцтва было перайменована ў Катлоўскае.

У сувязі са значнай прыёмкай у склад ляснога фонду калгасных і саўгасных лясоў, а таксама за кошт разбуйнення Катлоўскага, Міхалішскага, Астравецкага і Гервяцкага лясніцтваў 1 красавіка 1984 года ў мэтах выканання загаду №10 Мінлясгаса БССР ад 30 студзеня 1984 года ізноў было арганізавана Варнянскае лясніцтва. 7 мая 1991 года ў адпаведнасці з загадам №14 Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 19 красавіка 1991 года ў мэтах паляпшэння аховы лясоў ад пажараў і самавольных парубак, стварэння найбольш спрыяльных умоў для насельніцтва па нарыхтоўцы і вывазцы драўніны, у межах былога Дрэвянікскага лясніцтва, вызначаных лесаўпарадкаваннем 1984 года, было арганізавана Палушскае лясніцтва з размяшчэннем канторы ў в. Палушы.

Пасля прыёмкі зямель ад сельгаспрадпрыемстваў у 1999-2001 гадах загадам №62 Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 2 сакавiка 2000 года ўтварылася Спондаўскае лясніцтва.

У цяперашні час у склад лясгаса ўваходзяць 9 лясніцтваў і 1 дрэваапрацоўчы цэх.