Кантора лясгаса размешчана ў г. Астравец і знаходзіцца ў 4-х кіламетрах ад чыгуначнай станцыі Гудагай.

На сённяшні дзень плошча лясгаса складае 86,3 тыс.га, а пакрытыя лесам – 76,4 тыс.га, найбольшую плошчу займаюць сасновыя лясы – 63,9%, бярозавыя – 17,0%, яловыя – 10,8%, альховыя – 6,5%, асінавыя – 1,1% і дубовыя – 0,4%. Па тэрыторыі лясгаса праходзяць: чыгунка Мінск – Вільнюс, знакаміты Полацкі тракт (аўтамабільная траса Вільнюс – Полацк), аўтадарогі Варона – Ашмяны, Лынтупы – Гальшаны, Газа – Ашмяны, акрамя таго, маецца 1525 км унутрыраённых дарог. Лясгас размешчаны ў межах аднаго адміністрацыйнага раёна – Астравецкага і характарызуецца развітой сістэмай азёр, рэк і ручаёў, якія адносяцца да Балтыйскага воднага басейна. Самай буйной воднай артэрыяй на тэрыторыі размяшчэння лясгаса з’яўляецца рака Вілія (Нярыс), правы прыток ракі Нёман. Рака Вілія працякае ў паўночнай і паўночна-ўсходняй частцы лясгаса па тэрыторыі пяці лясніцтваў. На ўсім сваім працягу яе шырыня вагаецца ў межах 50-100 м, глыбіня 1-3 м пры хуткасці плыні 1,5 м/с. З іншых рэк, якія праходзяць па тэрыторыі лясгаса, найбольш значнымі з’яўляюцца р.Ашмянка, р.Лоша, р.Страча і р.Сарачанка. У рэках водзяцца 5 відаў рыб, занесеных у Чырвоную Кнігу – харыус, ласось атлантычны, стронга, кумжа, звычайны вусач. У межах лясгаса знаходзяцца 20 лясных азёр.

Астравецкі лясгас знаходзіцца ў ўмеранай зоне так званай Атлантыка-кантынентальнай вобласці. Кліматычныя ўмовы гэтай зоны ствараюцца ў асноўным пад уплывам марскога і кантынентальнага паветра ўмераных шырот. Сярэднегадавая тэмпература паветра +5,5°С, сярэднегадавая колькасць ападкаў складае 673 мм. Лета адносна цёплае, зіма параўнальна мяккая, з частымі адлігамі.

На тэрыторыі лясгаса ўтвораны водна-балотны заказнік рэспубліканскага значэння «Белы мох» плошчай 808 га і рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Сарачанскія азёры» плошчай 11197 га, у склад якога ўваходзяць 12 азёр, сярод іх найбольш буйныя Тумcкое, Ёдзі, Белае, Вераб’і, Каймін, Туравейскае і інш. Таксама размешчаны ландшафтны заказнік мясцовага значэння «Возера Бык» плошчай 113 га. Маецца 9 помнікаў рэспубліканскага і 1 помнік прыроды раённага значэння. Захаваны помнік прыроды рэспубліканскага значэння – геалагічнае агаленне міжледніковых стужачных глін Камарышкі.

На Астравецкі лясгас ўскладаюцца функцыі дзяржаўнага кіравання ў галіне выкарыстання, аховы і абароны ляснога фонду і ўзнаўлення лясоў у сістэме Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Галоўнай мэтай дзейнасці лясгаса з’яўляецца захаванне і стварэнне ляснога фонду высокапрадукцыйных, якасных, біялагічна ўстойлівых, аптымальнага відавога і ўзроставага складу лясоў і лясной фауны, якія адказваюць сучасным экалагічным, сацыяльным і эканамічным патрэбам грамадства і дзяржавы з улікам асноўных патрабаванняў, што прад’яўляюцца заканадаўствам да вядзення лясной гаспадаркі.

У адпаведнасці са статутам ДЛГУ «Астравецкі лясгас» ажыццяўляе наступныя функцыі:

  • кіраванне выкарыстаннем, узнаўленнем, аховай і абаронай ляснога фонду на тэрыторыі размяшчэння лясгаса;
  • рэалізацыя дзяржаўных праграм і праектаў развіцця лясной гаспадаркі ў мэтах павышэння прадуктыўнасці і паляпшэння якаснага складу лясоў, узмацнення іх прыродаахоўных функцый, забеспячэння галін эканомікі і насельніцтва ва ўсіх відах лясной прадукцыі;
  • вядзенне дзяржаўнага ўліку лясоў і дзяржаўнага ляснога кадастра;
  • стварэнне і вырошчванне лясных насаджэнняў, а таксама своечасовае аднаўленне лясоў на высякаючых плошчах гаспадарча-каштоўнымі пародамі;
  • ахова лясоў ад пажараў, незаконных высечак і іншых дзеянняў, якія прыносяць шкоду лясам, абароны лесу ад шкоднікаў і хвароб;
  • вядзенне гаспадарчай дзейнасці ў зонах радыеактыўнага забруджвання з захаваннем патрабаванняў, устаноўленых заканадаўствам;
  • кантроль радыяцыйнай абстаноўкі на тэрыторыі размяшчэння лясгаса, вядзенне радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу, радыяцыйны кантроль за вырабляемай і пастаўляемай лясной прадукцыяй;
  • дзяржаўны кантроль за станам, выкарыстаннем, узнаўленнем, аховай і абаронай лясоў;
  • правядзенне эканамічнай і навукова-тэхнічнай палітыкі ў мэтах стварэння ў лясгасе неабходных умоў для эфектыўнай работы, вырашэння неадкладных сацыяльных задач;
  • ўзгадненне ва ўстаноўленым парадку выключэння зямельных участкаў з зямель ляснога фонду;
  • будаўніцтва і рамонт будынкаў, збудаванняў, лясных кардонаў, пажарных вышак, вадаёмаў, устройванне і падтрыманне ў належным парадку лясных дарог і сродкаў сувязі;
  • комплекснае вядзенне ва ўстаноўленым парадку лясной і паляўнічай гаспадаркі, ажыццяўленне дзяржаўнага кантролю за вядзеннем паляўнічай гаспадаркі і паляваннем на тэрыторыі лясгаса.