DolgyGВітаем Вас у Дзяржаўнай лесагаспадарчай установе «Астравецкі лясгас», якая размешчана на цудоўнай зямлі Астравеччыны з яе непаўторным каларытам, багатай гісторыяй, унікальнымі прыроднымі ландшафтамі, маляўнічымі воднымі і ляснымі ўгоддзямі. Мы рады пазнаёміць Вас з нашым дзіўным краем і лясгасам.

Астравецкі лясгас размешчаны ў межах Астравецкага раёна, амаль 49% якога пакрытыя лесам. Галоўнае багацце лясгаса – лясы, а галоўны гонар людзі, якія іх гадуюць, захоўваюць і прымнажаюць. Людзі, якія шануюць сваю працу і любяць сваю зямлю.

Галоўная мэта дзейнасці ДЛГУ «Астравецкі лясгас» захаванне і ўзнаўленне на землях ляснога фонду раёна высокапрадуктыўных, якасных, біялагічна ўстойлівых, аптымальнага відавога і ўзроставага складу лясоў і лясной фаўны. І варта сказаць, што за апошняе дзесяцігоддзе ў гэтым накірунку зроблена нямала. Лясгас выконвае ўсе паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, заданні па лесааднаўленню і лесаразвядзенню. У поўным аб’ёме праводзяцца ўсе лесаахоўныя і супрацьпажарныя мерапрыемствы. З кожным годам павялічваецца доля спелых лясоў, ва ўгоддзях расце колькасць дзічыны. Выконваюцца заданні па асваенню разліковай лесасекі. Разумеючы, што аснова поспеху ўсёй гэтай працы у развіцці лесанасеннай і лесакультурнай вытворчасці, мы стварылі ўласны лесагадавальнік, які задавальняў патрэбы як лясгаса, так і мясцовага насельніцтва. Але прадбачачы павелічэнне колькасці насельніцтва горада і раёна ў сувязі з будаўніцтвам АЭС, а таксама ўлічваючы сучасныя патрабаванні па павышэнню эфектыўнасці лесагаспадарчай вытворчасці, у 2015 годзе ў лясгасе пабудаваны сучасны пастаянны лясны гадавальнік плошчай 12 га.

Лесапаляўнічая гаспадарка лясгаса адной з першых у галіне перайшла на самафінансаванне. Яна атрымала статус паказальнай, стала дыпламантам VII Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь» у намінацыі «Лепшая паляўнічая гаспадарка». У рэспубліканскім конкурсе «На лепшую гаспадарку па барацьбе з браканьерствам па выніках працы за 2010 год» Астравецкі лясгас за III месца быў адзначаны дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, а ў 2012 годзе ўзнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь «За высокія дасягненні ў паляўнічагаспадарчай дзейнасці ў 2011 годзе».

У рамках Дзяржаўнай праграмы развіцця паляўнічай гаспадаркі на 2006-2015 гады ў лесапаляўнічай гаспадарцы праведзена вялікая праца па стварэнні новай папуляцыі аленя высакароднага, 49 асобін якога пасля працяглай ператрымкі ў вальеры выпушчаны ў паляўнічыя ўгоддзі. У мэтах рэакліматызыцыі з Літвы завезена лань еўрапейская. Пакуль мы актыўна рэалізуем яе іншым паляўнічым гаспадаркам, але ўжо ў бліжэйшы час намецілі выпусціць яе на вольнае ўтрыманне. Сёння ў паляўнічых ўгоддзях лясгаса дазволена паляванне з лукам і арбалетам на дзікіх капытных жывёл, якія змяшчаюцца ў вальеры.

Дзякуючы праведзенай рэканструкцыі вытворчасці, ўкаранення інавацыйных праектаў і распрацовак стабільна развіваецца і прамысловая вытворчасць лясгаса. Так, за апошнія гады пабудавана кацельня, якая працуе на адходах лесапілавання, 4 сушыльныя камеры, набыта і ўстаноўлена лінія па вытворчасці абразных піламатэрыялаў з дробнатаварнай драўніны, асвоена вытворчасць паліўнай шчэпкі, брыкетаў з адходаў лесапілавання, закуплена лінія зрошчвання драўніны. Каля 50% вырабленай лясгасам прадукцыі ідзе на экспарт. Істотна памацнела матэрыяльна-тэхнічная база аўтатрактарнага парка. Набыты харвестэры фірмаў «Sampo» і «Амкадор». Завершаны мантаж яшчэ аднаго катла кацельні, працуе лінія сарціроўкі драўніны, у бліжэйшай пэрспэктыве купля больш сучаснага лесапільнага абсталявання.

Лясгас працягвае пачатыя пераўтварэнні. У калектыве, пры поўным забеспячэнні ўсіх сацыяльных гарантый, расце заработная плата, паспяхова выконваецца вытворчая праграма, забяспечана здаровая маральна-псіхалагічная абстаноўка. Усё гэта дазваляе ўпэўнена глядзець у заўтрашні дзень.

Дырэктар ДЛГУ «Астравецкі лясгас» Р. ​​М. Долгі